Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян сталага ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна на чарговым паседжанні паэтычна-музычнай гасцёўні “Натхненне” сустрэліся з вельмі цікавым і творчым чалавекам, вядомым паэтам Ашмяншчыны Яўгенам Гаўрылавічам Кустом.
Наш госць пазнаёміў прысутных са сваімі творамі аб малой радзіме, а нарадзіўся ён ў адным з самых прыгожых вугалкоў Беларусі – Палессі і, менавіта, адтуль паходзяць яго карані. Вельмі лірычна, прыгожа і душэўна ў выкананні Яўгена Гаўрылавіча прагучалі вершы пра любую матулю.
Чалавек нараджаецца на свет і разам з жыццём атрымлівае ў спадчыну бясцэннае багацце – Радзіму. Яна ў яго адна, другой ніколі не будзе, як не будзе магчымасці кожнаму з нас пражыць другое жыццё. Радзіма дадзена нам Богам. Наш паэт з вялікім задавальненнем пазнаёміў са сваімі новымі творамі, якія прысвечаны роднаму краю. Асабліва пранікнённа прагучалі вершы аб падзеях у Беларусі ў 2020 годзе, а таксама аб чарнобыльскай трагедыі.
Не абмінула творчасць паэта і тэма Вялікай Айчыннай вайны – адной з трагічных старонак у гісторыі нашай краіны. Сама душа прасіла напісаць гэтыя творы, тым самым аддаючы даніну павагі тым, хто падараваў нам сённяшні мірны дзень.
А наступнай паэтычнай старонкай стала лірыка. Яўгенія Янішчыц пісала: “Калі ў душы ад сэрца цесна, то нараджаюцца радкі”. Сапраўды, так. У сваіх лірычных тэкстах аўтар свабодна выказвае свае пачуцці, эмоцыі і адчуванні, свае думкі і разважанні, якія заставілі ўсіх прысутных пранікнуцца тым, чым ён жыве, адчуць і яшчэ раз перажыць гэта як нешта сваё, уласнае, глыбока асабістае. Вельмі кранулі душу ўдзельнікаў мерапрыемства вершы “Жнівень”, “Ты”, “Восень”, якія прагучалі ў выкананні вядучай паэтычна-музычнай гасцёўні.
І яшчэ адна старонка творчасці аўтара заслугоўвае ўвагі. Гэта яго сябры, яго землякі, пра якіх ён нам паведаміў. Сярод іх людзі, якія вельмі знакамітыя на ўсю Беларусь: паэты Леанід Дранько-Майсюк, Георгій Марчук і Уладзімір Глушакоў, краязнаўца і даследчык Міхась Шэлехаў.
Прысутныя пад час сустрэчы даведаліся і пра тое, што Яўген Гаўрылавіч вядомы не толькі ў нашым раёне як шматлікі пераможца раённых конкурсаў, але яго ведаюць як пераможцу абласнога конкурса “Паэзія душы”, які адбыўся ў 2013, 2014 гадах. Ён з’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу “Шлях у прафесію”. Зараз працуе выхавальнікам ў УА”Ашмянскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж”.

Мясцовая паэтэса Тэрэса Адашкевіч прысвяціла верш нашаму госцю, які прачытала пры падвядзенні вынікаў сустрэчы.
Наведвальнікі аддзялення шчыра дзякавалі паэту за такія прыгожыя творы і жадалі не страціць у дарозе сэнс жыцця і не загінуць у роздумах і спрэчках, каб тое, аб чым ён марыць – споўнілася.
Вось так у адным чалавеку аб’яднаўся цудоўны свет кахання, дабра і прыгажосці, а нам пашанцавала пазнаёміцца бліжэй з ім і яго творчасцю.



