Главная » Новости » Лента новостей
 

Навагрудак. Беражыце сваё жыццё: чым можа скончыцца зімовая рыбалка?

217

Вось і наступіла доўгачаканая падзея для аматараў зімовай рыбалкі – лёд пачаў скоўваць вадаёмы Навагрудчыны. Снег, мароз, лёд так і вабяць парыбачыць. На жаль, многія забываюць аб небяспецы ледзянога покрыва… і здараюцца трагедыі.

Як зберагчы сябе на лёдзе, якія меры бяспекі ўлічыць, рыбакам расказалі падчас чарговага рэйду па вадаёмах раёна работнікі Навагрудскага раённага аддзела па надзвычайных ситуацыях і работнікі таварыства выратавання на водах. 

– Тут лёд таўшчынёю 7 см, я толькі лунку прабурыў, – з упэўненасцю гаворыць рыбалоў Іван Саламяйчук, які размясціўся са снасцямі на лёдзе на вадаёме, што паблізу в. Папковічы. – Сёння лаўлю на жыўца, заўтра планую паехаць на Свіцязь на шчупака. Люблю рыбалку любую, захапляюся, можна сказаць, усё жыццё. Мой самы вялікі ўлоў зімой – шчупак вагой 10 кг 400 г. Не толькі на азёрах люблю лавіць, але і на Нёмане. Маё захапленне падтрымлівае і жонка Галіна Аляксееўна. Праўда, яна аддае перавагу летняй рыбалцы. Я ведаю, што трэба быць асцярожным падчас зімовай рыбалкі і выконваць правілы паводзін на лёдзе. Жыццё ў нас адно, і хто аб ім паклапоціцца, як не сам чалавек. Не разумею рыбакоў, якія нават у адлігу ідуць на лёд. Перш, чым паехаць на рыбалку, заўсёды праверу на сайце таварыства выратавання на водах, якая таўшчыня лёду на патрэбным мне вадаёме, і сам правяраю, калі прыязджаю на возера, таўшчыню лёду, перш, чым пачаць лавіць рыбу.

Мужчына ўважліва выслухаў старшага інспектара прапаганды Наталлю Фасцянкову і старшага матроса Мікалая Шыша, пагадзіўся, што патрэбна быць асцярожным падчас зімовай рыбалкі і выхаду на лёд. Да слова ў рыбака мелася выратавальная камізэлька, што нельга сказаць яшчэ пра двух рыбакоў на гэтым жа вадаёме. Праўда, мужчыны, як толькі мы пад’ехалі, тут жа сабралі свае рыбалоўныя прылады і паспяшаліся пакінуць вадаём. 

На возеры Свіцязь каля самой альтанкі лавілі рыбу жыхары в. Старая Ельня з суседняга Дзятлаўскага раёна Аляксандр Трафімаў і Мікалай Панфіленка. Мужчыны таксама былі ў выратавальных камізэльках, бо турбуюцца пра сваю бяспеку. 

– Сёлета яшчэ не рыбачылі на лёдзе, таму, як толькі замерзла возера, прыехалі на Свіцязь. Любім навагрудскія вадаёмы. Два дні таму лавілі на Нёмане ў в. Дзяляцічы. Амаль штодня на рыбалцы, а што рабіць зімой на пенсіі, а так і адпачнеш на свежым паветры, і нешта зловіш, – расказалі Аляксандр Аляксандравіч і Мікалай Паўлавіч. Як аказалася, мужчыны швагры. Захапленне мужа і брата рыбалкай падзяляе і Галіна Аляксандраўна. 

– Праўда, зараз жонка знаходзіцца ў бальніцы, але хутка выпісваецца, і паедзем ужо разам. Ведаеце, мне не толькі прыемна, што Галіна падтрымлівае маё захапленне, але і спакайней. Быў у маім жыцці выпадак, калі я паслізнуўся, і лёд праваліўся пада мною. І хто мяне выратаваў? Гэта мая другая палавінка. А рыбакі, якія разам рыбачылі, толькі паглядалі на гэта збоку, – дадае Аляксандр Аляксандравіч. – Зараз пакуль толькі са шваграм рыбачым, прыязджае да нас у госці з Мінска. 

– Вельмі важна, збіраючыся на рыбалку, пакідаць каардынаты родным – расказаць падрабязна, куды пайшлі, з кім, мець пры сабе мабільны тэлефон, – гаворыць старшы інспектар Наталля Фасцянкова. – Узяць з сабой неабходныя прылады выратавання: камізэльку, мець патрэбна палку ці вяроўку. Мы праводзім патруляванне, абыходзім месцы, дзе рыбачаць рыбакі, і папярэджваем іх аб тым, што звычайная рыбалка можа абярнуцца непрыемным сюрпрызам. Таму важна правяраць трываласць лёду і выконваць правілы бяспекі. 

 Перш, чым ступіць на лёд, трэба ўважліва паглядзець перад сабой. Небяспечныя месцы, як правіла, цямнейшыя за астатнія, – адзначае старшы матрос Мікалай Шыш. – Адным з самых небяспечных месц лічыцца спуск на лёд у паласе яго прымыкання да сушы, дзе часта бываюць расколіны. Асаблівая асцярожнасць патрэбна пасля снегападаў, калі пад пластом снегу не відаць палонкі. Бяспечней за ўсё пераходзіць па празрыстым лёдзе, які мае зялёнае або сіняватае адценне. Перапраўляцца лепш групай, захоўваючы дыстанцыю адзін ад аднаго 5-6 метраў. Трываласць лёду можна праверыць тоўстай палкай: дастаткова ўдарыць ёй у адно і тое ж месца 2-3 разы як мага далей, наперадзе сябе. Не трэба выпрабоўваць трываласць ледзянога покрыва ўдарамі нагі, а тым больш скакаць, можна праваліцца.

Ненадзейным з’яўляецца лёд пад снегам і гурбамі. Таксама небяспеку ўяўляюць палонкі і лункі, пакрытыя тонкім пластом лёду. Нельга прабіваць шмат лунак на абмежаванай плошчы і збірацца вялікімі групамі. Перад выхадам на лёд неабходна праверыць яго таўшчыню. Пазбягайце месц, дзе ёсць чароты, сцёкавыя воды, зламаныя і паваленыя дрэвы. 

Падчас рэйду завіталі мы і на возера Маладзёжнае, дзе таксама засталі рыбакоў. Аднак, па словах старшага матроса, да возера часта прыходзяць дзеці, бо тут густанаселены мікрараён. Выратавальнікі і работнікі таварыства выратавання на водах пастаянна праводзяць сустрэчы ў школах і дзіцячых садах, праводзяць гутаркі аб небяспечных гульнях на лёдзе. І хочацца звярнуць асаблівую ўвагу бацькоў – ні ў якім разе не выпускайце сваіх дзяцей на лёд без нагляду! 

«Зімовых» рыбаловаў не спалохаць ні холадам, ні калючым ветрам, ні небяспекай. Снежны пейзаж, марознае паветра і запаветная здабыча – вось тое, дзеля чаго гатовыя рызыкаваць. На азёрах Свіцязь, Літоўка, Маладзёжным і рацэ Нёман у г.п. Любча працуюць выратавальныя пасты, дзе знаходзяцца на дзяжурстве матросы-выратавальнікі. Не радуе, што падчас рэйду сустрэлі рыбакоў, якія не турбуюцца пра сваю бяспеку. У некаторых не было з сабой ні камізэлькі, ні прылад выратавання. Кожны ўпэўнены, што з ім нічога дрэннага не здарыцца і, нягледзячы на небяспеку, сваё любімае захапленне не кіне.  

У мэтах забеспячэння бяспекі на вадаёмах у зімовы перыяд падобныя рэйды будуць праводзіцца некалькі разоў на тыдзень.

  Па матэрыялах газеты «Новае жыццё»