Главная » Новости » Лента новостей
 

Парады і віншаванні – ад прафсаюзнага лідара

405

Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Сяргей Патапенка.

Ён сустрэўся з кіраўніцтвам раёна, прафсаюзным актывам і наведаў працаўнікоў сёлетняга жніва.

Візіт прафсаюзнага лідара ў наш раён распачаўся са знаёмства са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, з якім яны абмеркавалі кадравыя пытанні і надзённыя клопаты прафсаюзаў у раёне.

Нарада з кіраўнікамі пярвічак галіновага прафсаюза пры ўдзеле старшыні Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Алены Берасневай і старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерыя Макарчыка прайшла ў актавай зале райвыканкама.

Сяргей Патапенка адкрыў яе прыемнай місіяй: за плённую прафсаюзную работу, актыўную жыццёвую пазіцыю і кампетэнтнасць ён уручыў Падзячны ліст старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў раённаму прафсаюзнаму кіраўніку Вользе Бародзіч. Сёлета ў сувязі з пераменай месца жыхарства яна завяршае прафсаюзную дзейнасць на Дзятлаўшчыне.

Алена Бераснева, якая на Дзятлаўшчыне з’яўляецца частым госцем, адзначыла высокі ўзровень прафсаюзнай работы ў пярвічных арганізацыях раёна. У ліку лепшых сярод прафкамаў работнікаў дзяржаўных і іншых установаў яна назвала прафкам Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дыспансера. Таксама станоўча ацаніла прафсаюзную работу па аздараўленні і экскурсійнай дзейнасці ў прафсаюзных калектывах раёна.

Самай актуальнай тэмай жніўня з’яўляецца масавая ўборачная кампанія, таму Сяргей Патапенка асабіста наведаў аб’екты жніва, каб пагутарыць з аграрыямі і адзначыць лепшых з іх.

Ён уручыў грашовы сертыфікат ад Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў камбайнеру  ААТ “Дварэц-Агра” Мікалаю Маруку. Да работы ў сельскай гаспадарцы ён таксама быў членам гэтага прафсаюза, узначальваў раённае падраздзяленне Дэпартамента аховы. Пасля выхаду на пенсію ўладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, ужо 13-ы сезон працуе на жніве, паказваючы стабільныя вынікі. Кіраўніцтва арганізацыі характарызуе Мікалая Яўгенавіча як акуратнага, грунтоўнага, адказнага работніка, уважлівага як да тэхнікі, так і да работ, якія выконвае. Сам мужчына кажа, што работа ў полі яму па душы.

Такі ж сертыфікат Алена Бераснева перадала заслужанаму аграному-насенняводу ААТ “Граніт-Агра” Ганне Строк. Гэта ўборачная кампанія – 35-я для жанчыны.  Ганна Уладзіміраўна з гонарам за сваю гаспадарку адзначае, што пераважную большасць насення злакавых культур гранітаўцы вырабляюць самі, працэнт закупкі мінімальны. Азімая пшаніца, ячмень, трыцікале, усе яравыя культуры, якія ўзрастаюць на палях гаспадаркі, – плён работы мясцовых насенняводаў.

– Сёлетні ўраджай радуе,  – кажа спецыяліст. – Калі надвор’е дазволіць сабраць без стратаў, можам амаль напалову перавысіць мінулагодні.

На пытанне, што больш падабаецца ў рабоце, аграном кажа:

– За столькі гадоў працы ўсё падабаецца, не магу пражыць без сваёй справы, але і перажываю за ўсё.

Прафсаюзная паездка стала добрай нагодай павіншаваць чарговага тысячніка  ААТ “Граніт-Агра, які вызначыўся на “Жніве-2022”. Вадзіцель МАЗа Казімір Рысюк перавёз у час сёлетняй уборачнай кампаніі першыя 1000 тон зерня, ён прымаў віншаванні, падарункі і медаль перадавіка ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, кіраўніцтва сваёй гаспадаркі.

Наталля АВЯРЧУК

diatlovonews.by