Главная » Новости » Лента новостей
 

Пражытыя гады – мудрасць, вопыт і багацце Зінаіды Уласевіч

349

Росквіт і дабрабыт Навагрудскай зямлі немагчымы без штодзённай працы яе жыхароў, многія з якіх прысвяцілі ўсё жыццё на карысць раёна. Адказная, добрасумленная, прынцыповая, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, аптымістка і жыццялюб – так гавораць пра ветэрана працы Зінаіду Уласевіч усе, хто з ёй знаёмы. Што гэта сапраўды так, сумненняў няма. 9 лістапада віншаванні з юбілейным днём нараджэння прымала Зінаіда Іванаўна ў Навагрудскім раённым выканаўчым камітэце.

Больш за 20 гадоў Зiнаiда Iванаўна узначальвала фінансавы аддзел Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта. А на працягу 15 гадоў з'яўлялася старшынёй Навагрудскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Шчырыя віншаванні і словы падзякі за шматгадовую працу, пажаданні здароўя, даўгалецця, аптымізму, жыццёвай энергіі юбіляру адрасавалі першы намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Алена Сялевіч і начальнік фінансавага аддзела Жанна Лазовік. За шматгадовую плённую працу і асабісты ўклад у развіццё Навагрудскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ірына Бачынская ўручыла Зінаідзе Іванаўне грамату. Далучыліся да слоў віншавання і прадстаўнікі Навагрудскай раённай ветэранскай арганізацыі.

Працоўную дзейнасць выпускніца Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава пачынала ў 1975 годзе старшым інспектарам па бюджэце фінансавага аддзела Навагрудскага гарадскога выканкама.

– Пасля заканчэння школы, а мае юнацкія гады прайшлі на радзіме Якуба Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна, паехала ў Мінск паступаць. І сёння лічу, што зрабіла правільны выбар, калі паступіла на фінансава-эканамічны факультэт БДІНГ. Мне заўсёды падабаліся дакладныя навукі, – расказвае Зінаіда Іванаўна. – Падчас вучобы пазнаёмілася з мужам Міхаіламам Міхайлавічам, пасля заканчэння інстытута прыехала з ім і са старэйшым сынам Сяргеем на Навагрудчыну, якая стала за гэтыя гады роднай. У калектыве мяне сустрэлі вельмі добра. Раней наша праца больш была звязана з праверкамі бюджэтных арганізацый. Зразумела, што хвалявалася падчас першых праверак, у якіх прымала ўдзел. Напачатку падказвала, дзялілася вопытам загадчык фінансавага аддзела З.М. Каралько. Хутка і сама пачала спраўляцца з пастаўленымі задачамі.

Гады працы ішлі толькі на карысць маладому спецыялісту, выбраная прафесія не расчаравала, а набыты практычны вопыт стаў надзейным падмуркам у далейшай працоўнай дзейнасці. Як вынік – чатыры дзесяцігоддзі свайго жыцця Зінаіда Уласевіч прысвяціла працы на карысць Навагрудчыны. Старшы інспектар, старшы эканаміст, галоўны эканаміст, загадчык фінансавага аддзела спачатку гарадскога выканкама, а затым начальнік фінаддзела Навагрудскага райвыканкама – пасады, якія сталі прыступкамі кар’ернай лесвіцы. Рухацца наперад дапамагалі прафесіяналізм, адказнасць, багаты багаж ведаў, здольнасць натхніць калектыў на дасягненне пастаўленых мэт і несці адказ­насць за атрыманыя вынікі.

– У фінансавым аддзеле працаваць было нескладана, бо заўсёды побач былі людзі, адданыя сваёй справе, вопытныя спецыялісты са стажам працы ў сферы. Разам з тым адказнасць вялікая была заўсёды, бо ў руках фінансістаў знаходзіцца планаванне бюджэту ўсяго раёна. А гэта ўлік даходаў і выдаткаў, кантроль за мэтавым выкарыстаннем сродкаў. Наша ж галоўная задача – правільна, эканомна і эфектыўна распарадзіцца грашыма, – расказвае Зінаіда Іванаўна. – Памер раённага бюджэту напрамую залежыць ад работы эканомікі рэгіёна: чым вышэйшы прыбытак прадпрыемстваў, тым большая яго сума. А сродкаў павінна быць дастаткова на заработную плату спецыялістам бюджэтных сфер і н асацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.

Акрамя прафесійнай дзейнасці, Зінаіда Уласевіч надавала шмат часу і ўвагі і грамадскай. Па характары яна актыўная, пазітыўная, любіць прыносіць карысць людзям. І нездарма – доўгі час узначальвала Навагрудскую раённую прафсаюзную арганізацыю работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

– У жыцці цаню сумленныя адносіны. Шаную сваю сям’ю, калег, з якімі працавала шмат гадоў ра­зам, сяброў, любіла і працу, і грамадскую дзейнасць. Сёння на заслужаным адпачынку таксама не сумую, занялася любімымі справамі – люблю ствараць прыга­жосць навокал, люблю кветкі. Запрашаю паглядзець мой участак, які нібы кветкавы дыван. Ды і і ад грамадскага жыцця не застаюся ўбаку – з задавальненнем наведваю ўсе мерапрыемствы, – дадае мая субяседніца.

Прафесіяналізм і актыўная жыццёвая пазіцыя Зінаіды Уласевіч не аднойчы адзначаліся ганаровымі граматамі фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама, райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Фінансіст таксама ўдастоена нагрудных знакаў «Выдатнік фінансавай сістэмы» і «Выдатнік падатковай службы», узнагароджана медалём «За працоўныя поспехі».

З юбілеем, паважаная Зінаіда Іванаўна!

В. ПІСАР,

Па матэрыялах газеты "Новае жыцце"