Главная » Новости » Лента новостей
 

«Работа дэпутата — гэта айсберг»

826

 

У новы склад Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў увайшла старшыня абласнога камiтэта прафсаюза работнiкаў дзяржаўных устаноў Алена Бераснева. Двойчы Алена Пятроўна паспяхова балатавалася ў абласны Савет, а з 2012 па 2016 год прадстаўляла горад Гродна ў беларускiм парламенце. Гродзенцы ведаюць Алену Берасневу i як прафесiйнага журналiста — некалькi гадоў яна вяла на абласной тэлестудыi папулярную праграму «Вячэрнi Гродна», а затым сем гадоў працавала галоўным рэдактарам газеты «Гродзенская праўда».

— Падчас сёлетняй кампанii мы праводзiлi пiкет па вулiцы Дзяржынскага. У цэлым людзi ставiлiся да гэтага добразычлiва. Раптам падыходзiць мужчына i адразу з прэтэнзiяй — вы, дэпутаты, чым вы дапаможаце? Аказваецца, ён мае праблемы з сэрцам, а ў палiклiнiцы не змог запiсацца на прыём — вялiкiя чэргi. Патэлефанавала сваёй калезе, якая балатавалася ў абласны Савет, — яна медык, узначальвае дзiцячую палiклiнiку. Я ёй перадала нумар тэлефона i прозвiшча гэтага чалавека, папрасiла неяк дапамагчы... А ўжо перад выбарамi зноў падыходзiць гэты мужчына — з кардыяманiторам (гэты прыбор кантралюе работу сэрца, i зараз мужчына праходзiць абследаванне). Ён быў вельмi здзiўлены, што яму патэлефанавалi i вырашылi яго праблему. Гэта гаворыць аб кансалiдацыi памiж дэпутатамi.

Аўтарытэт дэпутат заваёўвае сам. Можа, хто сутыкнуўся з абыякавымi адносiнамi з боку народнага абраннiка, — тады ён будзе лiчыць, што такiя ўсе дэпутаты. А наогул работа дэпутата — гэта айсберг, якi вiдаць толькi часткова, большая частка яго схавана пад вадой. Усе спрэчкi, высiлкi застаюцца «за кадрам», людзi пра iх не ведаюць.

Як прадстаўнiка прафсаюзаў, мяне хвалююць такiя пытаннi, як тэхнiка бяспекi, заключэнне калектыўных дагавораў, якiя паляпшаюць умовы працы. Аспектаў шмат, мы думаем, што гэтыя пытаннi прыярытэтныя не толькi для прафсаюзаў. Важна, каб яны разглядалiся на пасяджэннях выканаўчай улады. Каб адпаведныя рашэннi прымалiся на пасяджэннях раённага цi гарадскога Саветаў дэпутатаў. Таму прысутнасць прафсаюзных лiдараў у такiх структурах мае немалаважнае значэнне.

Многiх дэпутатаў ужо ведаюць па iх папярэднiх справах. Водгукi аб рабоце Савета мiнулага склiкання можна назваць станоўчымi, упэўнена, што i новая каманда будзе такой жа дружнай i аўтарытэтнай.

Маргарыта УШКЕВIЧ

"Звязда"