Главная » Новости » Лента новостей
 

Вместе теплее. Узнали, как переживают холодную пору одинокие старики из Кореличского района

69

Старасць у кожнага свая: актыўная і пазітыўная, у роздуме і аналізе,  патрабуючая ўвагі і клопату. Накіроўваемся ў Дом сумеснага самастойнага пражывання ў райцэнтры, а дакладней у кватэру са зручнасцямі, у якой знайшлі прытулак чатыры пажылыя карэліччанкі.

Дом пад нумарам 32 па вуліцы Гагарына знаходзім адразу і адзначаем яго добрае месцазнаходжанне: недалёка два магазіны, аптэка, шматпавярховікі. Накіроўваемся па ўказаным адрасе ў кватэру,  двухпакаёвую і добраўпарадкаваную. У ёй цёпла і ўтульна, на вокнах вісяць светлыя гардзіны, на ложках засланы прыгожыя пакрывалы.

 

— За кошт пазабюджэтных сродкаў набылі чатыры новыя шафы для адзення, — гаворыць загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ЦСАН Карэліцкага раёна Алена Арцюх. — У рамках акцыі «Ад усёй душы» была прадастаўлена спонсарская дапамога Гродзенскім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» ў выглядзе грашовых сродкаў, на якія  набыты ЖК-тэлевізар для жыльцоў гэтай кватэры.

Заходзім на кухню. Тут халадзільнік, стол, газавая пліта, шафы.  На іх паліцах шмат посуду і розных круп. У кожнай з чатырох гаспадынь — свая палічка ў кухоннай шафе і халадзільніку. Дарэчы, асартымент  харчовых прадуктаў вялікі.  Яно і зразумела: у кожнай свае густ і запыты.

У кожнай —  свой лёс

Ганна Іванаўна Мацко прыехала з вёскі Браносава. Жанчыне пайшоў 89 год. У маладосці працавала ў мясцовым калгасе, пазней перайшла свінаркай. Трыццаць гадоў складае яе працоўны стаж.

Жанчыне давялося паспытаць жаночага шчасця: абраннік быў браносаўскім. Пражыла з ім трыццаць два гады. «Усяго было ў жыцці, але добрага больш, — прызнаецца жанчына. — Пятнаццаць гадоў адна. Як ёсць здароўе, яшчэ можна мірыцца, але якое яно ў дзевяноста гадоў?»

Шосты год прыязджае Ганна Іванаўна ў кватэру сумеснага самастойнага пражывання і лічыць сябе свайго роду  ветэранам. Жыццём  вельмі задаволена, у пакоях чыста і ўтульна, пра састарэлых жыльцоў клапоціцца сацработнік — чаго на старасці можна лепшага жадаць?

Ларысе Уладзіміраўне Яўсейчык мінула восемдзясят гадоў. Сама з вёскі Валокі, і вось ужо чацвёрты год  жыве ў кватэры сумеснага пражывання. З яе насельнікамі стараецца падтрымліваць добрыя ўзаемаадносіны і ўсім адказваць любоўю. З удзячнасцю адгукаецца пра сацыяльнага работніка: Марына Мікалаеўна Патук па характары вельмі добры чалавек і клапоціцца пра сваіх падапечных.

«Я адзінокая, як колас, — паведала пра сябе Ларыса Уладзіміраўна. — Муж і сынок памерлі, вось і жыву як магу, за жыццё трымаюся. Усё ж такі не адна. Успамінамі падзелімся — і на душы стане лягчэй, на сэрцы лагодней. Мне таксама ёсць пра што расказаць, на розных работах працавала, і жыццё прайшло не дарэмна…»

76-гадовая Ядзвіга Паўлаўна Пузіноўская тут у першы раз, толькі  пачала асвойвацца. 37 гадоў адпрацавала поварам у Мірскай гарпасялковай бальніцы. Жанчыне ў кватэры сумеснага пражывання падабаецца. «Тут мне добра, хоць ёсць з кім загаварыць», — гаворыць яна і апавядае пра хваробы, якія не даюць ёй спакою ў паважаным узросце, і яна, як можа, з імі змагаецца.

Сапраўды, здароўе ў пажылым узросце — сапраўдны капітал. У гэтым яшчэ раз давялося пераканацца. З чацвёртай насельніцай кватэры так і не давялося сустрэцца: Соф’я Іванаўна Яўсейчык на дзень нашага наведвання знаходзілася ў Карэліцкай раённай бальніцы. Застаецца ёй пажадаць, каб хутка пайшла на папраўку.

 

 

Дарадчыца і памочніца

Марына Мікалаеўна Патук працуе сацыяльным работнікам у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна больш  за дваццаць гадоў. У яе на надомным абслугоўванні знаходзіцца дзевяць чалавек. Да пажылых грамадзян у кватэру сумеснага пражывання наведваецца тры разы ў тыдзень — панядзелак, сераду і пятніцу. Сацыяльны работнік дастаўляе прадукты харчавання, лекі, прыбірае ў пакоях, рыхтуе ежу, дапамагае з гігіенічнымі працэдурамі і аказвае іншыя паслугі.  Да кожнай падапечнай стараецца знайсці падыход і абавязкова дагадзіць. Лічыць, што да людзей трэба адносіцца так, як бы хацеў, каб адносіліся да цябе.

— Людзі з рознымі характарамі, часам са складанымі, — гаворыць Марына Мікалаеўна. — Іншы раз хацелася б змяніць працу, але, здараецца, што адзін чалавек трымае,  так і застаешся ды прадаўжаеш працаваць, хоць гэта і няпроста. Праўда, цяпер людзі падабраліся добрыя, і я вельмі ўдзячна ім за разуменне і падтрымку.


 

Сказаць сумоце:  «Не!»

Самай адкрытай і шчырай у гутарцы аказалася Ганна Іванаўна Мацко. Як высветлілася, яна добра спявае і асабліва любіць выконваць даўнейшыя песні. Разам з насельнікамі кватэры сумеснага пражывання любяць паглядзець перадачы і фільмы па тэлебачанні. Таксама вельмі рады гасцям — валанцёрам сярэбранага ўзросту і спецыялістам з Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Наведваюцца і дзеці-валанцёры.

— Чаго б я была варта без гэтага жылля, — дзеліцца Ганна Іванаўна. — Тут ёсць усё неабходнае, каб шчасліва праводзіць дні на пенсіі. Цёпла і ўтульна, і пра цябе клапоцяцца. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку і ўраду, што ў нашай краіне  адкрыты Дамы сумеснага пражывання, у якіх мы можам дастойна праводзіць сваю старасць.

Мне было сем гадоў, як пачалася вайна. Я немцаў бачыла, гэта страшна. Не трэба больш вайны, каб яна не паўтарылася.

Вось нам, пенсіянерам, у лютым пенсію зноў дабавяць — чаму б не жыць і не радавацца жыццю. Ды і клопат пра нас праяўляецца пастаянны і відавочны. Дзякуй за ўсё!

 

КАМПЕТЭНТНА

Алена АРЦЮХ, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна»:

 

 — З мэтай рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічання занятасці насельніцтва на 2021-2025 гады ў раёне створана сістэма работы па сацыяльным абслугоўванні, згодна з якой атрымальнікам сацыяльных паслуг, якія знаходзяцца на надомным абслугоўванні, аказваюцца сацыяльныя паслугі, прадугледжаныя заканадаўствам.

Па стане на 1 студзеня 2024 года,  комплекс сацыяльных паслуг прадастаўляецца 448 непрацаздольным грамадзянам, з іх два ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, 124 інваліда 1-ай і 2-ой груп, 56 адзінокіх пажылых грамадзян. Ахоплена абслугоўваннем 122 населеныя пункты Карэліцкага раёна.

Штомесячна аднаўляецца база дадзеных непрацаздольных грамадзян, якім аказваюцца сацыяльныя паслугі ў форме сацыяльнага абслугоўвання на даму, праводзіцца работа па выяўленні маючых патрэбу грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

Для эфектыўнай арганізацыі работы аддзялення праводзяцца вытворчыя нарады з работнікамі, інструктаванне і вучоба ў «Школе сацыяльнага работніка» па пытаннях забеспячэння абслугоўваемых палівам, арганізацыі работы па прымяненні дзеючага заканадаўства ў сферы сацыяльнага абслугоўвання, асабістай і маёмаснай бяспекі, аказання першай медыцынскай дапамогі, супрацьпажарнай бяспекі дамоў і кватэр, у якіх жывуць абслугоўваемыя грамадзяне.

Пэўная работа праводзіцца па расшырэнні асартыментнага пераліку сацыяльных паслуг, укараненні новых форм сацыяльнага абслугоўвання. Паслугі сядзелкі прадастаўлены 17 непрацаздольным грамадзянам. Пяці непрацаздольным грамадзянам аказваюцца сацыяльныя паслугі ў форме сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчаючай сям’і. Функцыянуюць розныя формы работы з пажылымі людзьмі: чатыры «прыёмных» і «гасцявых» сям’і, два дамы ўзаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі, адзін дом сумеснага самастойнага пражывання на чатыры ложка-месцы.

Прыярытэтным накірункам у рабоце аддзялення стала якаснае камплектаванне супрацоўнікаў, павышэнне ў сацработнікаў прафесійных навыкаў, неабходных для выканання паўсядзённых абавязкаў.

Работнікі аддзялення ажыццяўляюць прыём грамадзян у стацыянарных сацыяльных пунктах у г.п. Мір і аграгарадку Турэц.

Спецыялісты аддзялення прымаюць удзел у рабоце назіральных камісій, што з’яўляецца адным з накірункаў работы аддзялення па прывядзенні домаўладанняў непрацаздольных грамадзян у пажарабяспечнае становішча. Пастаянна праводзяцца сумесныя рэйды з суб’ектамі прафілактыкі раёна па вывучэнні ўмоў пражывання сацыяльна ўразлівых  катэгорый грамадзян, каб навучыць іх мерам пажарнай бяспекі і правільным паводзінам пры ўзнікненні пажараў. На падставе праведзенага абследавання выяўляюцца адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, якія маюць патрэбу ў залічэнні на надомнае абслугоўванне.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ